22 ліпеня, Барысаў, гарадскі стадыён, 3500 гледачоў, суддзя – П.Кары (Фінляндыя), 2 кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы, “Тарпеда” Жодзіна – ОФК Белград – 0:1.
“Тарпеда”: Бушма, Казлоў (64 хв., Гінтаў), Канцавы, Каршакевіч, Астравух, Папуш, Мартынец, Лявіцкі, Казарын (58 хв., Бруснікін), Крывабок (73 хв., Каролік), Алексіевіч
Перад матчам у атказ тарпедаўцаў задавальняла не толькі любая перамога, але і нічыйны вынік з лікам 0:0 і 1:1. Таму нашы футбалісты ад трэнераў атрымалі заданне надзейна згуляць у абароне і дзейнічаць на контратаках. Праўда, пачатак гульні аўта-заводцы правялі больш актыўна, чым сербы, але ніякай матэрыяльнай выгады гэта ім не прынесла. А потым ініцыятыва перайшла да гасцей. І хоць камбінацыйная гульня і не зусім удавалася, кампенсацыю яны знайшлі праз розыгрыш стандартаў. Штрафныя і вуглавыя ўдары ў іх выкананні пас-таянна неслі пагрозу. Некалькі разоў жодзінцаў выратаваў Бушма, а яшчэ белградцаў падводзіла недакладнасць. Але ўсё роўна ля варот “Тарпеда” было значна гарачэй. І гэта зразумела. Сербаў у наступны раўнд выводзіла толькі перамога. І тут адбыўся гол у вароты ОФК. Навабранец аўтазаводцаў Папуш працягнуў мяч па праваму флангу і прастрэліў. Першым паспеў да прадмета гульні Крывабок і пераправіў яго ў вароты. На жаль, радасць на полі і на трыбунах была нядоўгай, бо асістэнт рэферы з Фінляндыі зафіксаваў становішча па-за гульнёй у нашага нападаючага. А калі ўлічыць і не зусім лагічныя і паслядоўныя дзеянні і суддзі на полі, то непрыемныя выкрыкі ў іх бок з трыбун становяцца зразумелымі. Асабліва прыйшлося пахвалявацца ў апошнія хвіліны першага тайма, бо менавіта ў такія моманты гульні жодзінцы прапускалі ў Белградзе.
Другая палова пачалася з лагічнага наступлення гасцей. Толькі моцная спякота і стомленасць зрабіла яго не такім вострым. І, безумоўна, гэта было на руку тарпедаўцам. Праўда, хутка стала зразумела, што нашы землякі ўсе сілы накіравалі на захаванне пачатковага ліку. І, мабыць, гэта стала стратэгічнай памылкай, бо ў сярэдзіне тайма адзін са стандартаў, на якія так спадзяваліся госці, урэшце прынёс ім поспех. Пасля прапушчанага мяча нашым землякам ужо патрэбна было ісці вялікімі сіламі наперад, але перабудаваць сваю мадэль гульні аказалася цяжка. Тым больш, што пад сонцам сілы пакідалі футбалістаў вельмі хутка. Усё, што здолелі стварыць тарпедаўцы, гэта штрафны, прызначаны за парушэнне правіл супраць Лявіцкага, і вуглавы ўжо ў дададзены час. Удар са стандарта Папуша аказаўся крыху недакладным. А апошні ў матчы вуглавы завяршыўся сутыкненнем галкіпераў, бо Бушма таксама пайшоў на дапамогу партнёрам. Як аказалася, Уладзімір у гэтым моманце, на жаль, атрымаў пералом скулавай косці.
Вось так у адным кроку ад “Галатасарая” спынілася тарпедаўская еўраказка. Безумоўна, шкада, што з-за адсутнасці вопыта, не здолелі прайсці ОФК, але трэба адзначыць, што ў цэлым выступленне аўтазаводцаў у Лізе Еўропы трэба прызнаць нядрэнным. Краіну і горад яны не пасаромелі. Ну, а цяпер нашы землякі павінны апусціцца да беларускіх рэалій і тэрмінова выпраўляць сваё стано-вішча ў чэмпіянаце.
Валідольная гульня
25 ліпеня, Мінск, стадыён “Трактар”, 1000 гледачоў, суддзя – С.Цынкевіч (рФ, Асіповічы), “Партызан” Мінск – “Тарпеда” Жодзіна – 2:3. Галы: 11хв., Зубовіч – 1:0; 27 хв., Маеўскі – 2:0; 46 хв., Крывабок – 2:1; 76 хв., Крывабок – 2:2; 90+3 хв., Лявіцкі – 2:3.
“Тарпеда”: Парэчын, Салавей (69 хв., Каролік), Дэканасідзэ (69 хв., Астравух), Бруснікін, Лявіцкі, Казлоў, Папуш, Крывабок (90+4 хв., Алексіевіч).
Такія матчы, дзе сустракаюцца прынцыповыя суседзі па табліцы, звычайна называюцца гульнямі за шэсць ачкоў. Гэта разумелі ўсе – і балельшчыкі, і футбалісты, і трэнеры, і кіраў-ніцтва. Выйграй мінчане – і яны адрываюцца ад тарпедаўцаў на чатыры ачкі, і наадварот: перамога жодзінцаў мяняла каманды месцамі ў табліцы.
Сапернікі рыхтаваліся да гэтай суперважнай сустрэчы па-рознаму. “Партызан” мэтанакіравана ішоў да гульні, а вось аўтазаводцы толькі ў чацвер змагаліся з белградскім ОФК, і на конт іх фізічных і маральных кандыцый узнікла шмат пытанняў. Да таго ж, і траўма асноўнага галкіпера Бушмы не магла не адбіцца на камандзе.
Праўда, першыя хвіліны прайшлі ў роўнай барацьбе, бо цана одной памылкі была вельмі высокай. А неўзабаве гаспадары здолелі адкрыць лік. Гэта знаёмы жодзінскім балельшчыкам Зубовіч замкнуў галавой перадачу з левага фланга. Тарпедаўцы прад’явілі сваі контраргументы. Крывабок біў, здавалася, дакладна, але галкіпер мінчан здолеў адвесці пагрозу. Другі ж па-сапраўднаму востры момант у выкананні “Партызана” таксама стаў галявым, а спробы змяніць лік на табло да перапынку так спробамі і засталіся.
А вось пачатак другой паловы прынёс поспех аўтазаводцам. Крывабок рашыўся на дальні ўдар, які аказаўся нечаканым і для варатара. Мяч ад штангі знойшоў спакой ў сетцы. Гэта прымусіла нашых землякоў яшчэ больш вялікімі сіламі ісці наперад. І гаспадары скарысталіся разрэжанасцю нашай абароны. Пасля памылкі Канцавога нападаючы мінчан выйшаў сам на сам з Парэчыным, але пераможцам аказаўся Дзяніс. Неўзабаве Крывабок выраўнівае лік. Папуш добра згуляў на фланзе і выклаў мяч на нагу Ігару. Пасля гэтага гульня літаральна перайшла ў рукі жодзінцаў. Асноўныя падзеі разгортваліся на палове поля гаспадароў. І на трэцяй дабаўленай хвіліне вырвалі перамогу. Астравух разыграў штрафны, а Лявіцкі галавой пераправіў мяч у вароты. Вось такімі дыяметральна супрацьлеглымі аказаліся дзве паловы гэтага матча. Мабыць, балельшчыкі абедзвюх каманд не аднойчы хапаліся і за галаву, і за сэрца. Так што валідол тут быў не лішнім. Перамога дазволіла “Тарпеда” пакінуць апошні радок табліцы.
А ўжо 31 ліпеня ў суботу на сваім полі аўтазаводцы будуць прымаць “Віцебск”. Пачатак гульні а 18 гадзіне.
Сяргей Пузанкевіч.
Здымкі Дзмітрыя Булая











